Sep. 15th, 2012

bf_109e: (B-])
Оу, це просто клас! В-)





Не было раней нічога, а цяпер усяго многа.
За гэта мы мусім дзякаваць Богу,
Ён ствараў наш сьвет у жанры фрыстайлу,
Прамовіў "Будзьма!", і Беларусь паўстала.
Іхтыязаўры і іншыя цмокі...
Мы напачатку ў акіяне моклі,
А потым пакінулі водныя нетры
І займелі назву "неўры" .
Неўры здавён, ад першых вякоў
Пераўтвараліся ў ваўкоў -
Такая вось звычка была ў народа...
Дажджбог, Пярун, Жыцень і Кола Сварога -
У паганскіх багоў продкі нашыя верылі,
Але ўжо хрысьціянства грукае ў дзьверы ім.
Год 862 ад нараджэньня Хрыстова -
Пра Полацак першыя летапісныя словы.
Ў тым Полацку збудуюць сабор Сьвятой Сафіі
(У сьвеце былі толькі тры такія).
Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей
Быў чоткі пэрсанаж, але слухай далей!
У Полацку жыла Еўфрасіньня Сьвятая,
Памяць пра яе ў стагоддзях ня тае.
Для яе зрабілі знакаміты крыж
(Ня проста супэр, а супэр-звыш),
Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў.
Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.
Ідзем далей, не марудзім доўга.
Час надыйшоў князя Міндоўга.
І тут мы зацяміць мусім з табой -
Тады Беларусь называлі Літвой,
А дакладней - Вялікім Княствам Літоўскім 
З гербам "Пагоня" і супэрскім войскам.
Пакрочым далей сваім шляхам пыльным.
Князь Гедымін засноўвае Вільню.
Сон легендарны - ваўчара ў латах...
На Вікіпэдыі пра гэта багата.

Год 1362-гі.
Шчэрацца дзіды. Лунаюць сьцягі.
Нашыя войскі ля Сіняй Вады
Разьбілі трох султанаў Залатое Арды,
І Княства Літоўскае раптам - о-па! -
Зрабілася буйнейшай дзяржавай Эўропы.
Давайце далей разгортваць сьвітак.
У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт.
Тэўтонскі Ордэн нам пагражае.
Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае.
Вітаўт зь Ягайлам, польскім каралём,
Крыжакоў адправілі ў мэталалом.
Францішак Скарына - канкрэтны мажор.
Вучыўся ня ў Полацку, а за мяжой.
І з гэтай навукай добра парадзіў -
Беларускую Біблію выдаў у Празе.
Вайскоўцы былі ў форме ня горшай -
Паклалі маскоўскае войска пад Оршай 
У 1514-м годзе,
Але годзе пра гэта, наперад пойдзем!
Хвілінны прыпынак - зараз і тут
Зацьверджаны Трэці Літоўскі Статут,
А пад Кіргхольмам разьбілі шведаў,
Відаць, ты пра гэта раней ня ведаў.
У Магілёве ў бітве апантанай 
Сем тысячаў палегла акупантаў.
Якіх якупантаў? Ну, гэтых... З Усходу -
Прадстаўнікоў братняга расейскага народу.
Іх называлі яшчэ "маскавіты",
А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай -
Беларуска-Літоўска-Польскай дзяржаве
І, чамусьці, суседзяў усіх раздражнялі.
Тры падзелы Рэчы паспалітай -
Вось так - узялі нас і падзялілі.
Найбольшую частку зьела Расея...
Сярод шляхты незадаволенасьць сьпее.
На сцэне зьявіўся Тадэвуш Касьцюшка.
Запомніць імя гэта трэба. Таму што
Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянэрам -
У свабоду, роўнасьць, братэрства верыў,
Змагаўся за гэта нават у Штатах,
Але рускі царызм яго кінуў за краты.
Падчас Напалеонаўскага землятрусу
Зь беларусамі біліся беларусы,
А ў 1863-м
Паўстаньне ізноў пажарышчам сьвеціць.
Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі
Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе,
Падняў касінераў, сьмела біўся ў палях,
Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.
Сьвет на мяжы ХХ-га стагоддзя.
Трэба падымаць культуру ў народзе!
Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас,
Ластоўскі, Луцкевіч... Багата было вас!
Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў...
Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.
Ну вось. У рэвалюцыйных жахах
Зьяўляецца новая дзяржава.
Завецца прыгожа яна: БНР. 
Яе ўтварыньне сьвяткуем і цяпер.
Але раптам аднекуль - зь дзіркі ад бубліка
Зьяўляецца іншая рэспубліка.
Завецца ўжо не рамантычна яна -
Савецкая сацыялістычная.
20-я гады. Векапомны час.
Беларусізацыя пануе ў нас.
Пісьменьнікі пішуць выдатныя творы,
Мастакі ў Вітэбску заўсёды ў гуморы...
І гэтак было, пакуль не прыйшоў
Год 37-мы, крывавае шоў.
Але то шчэ была апраметная.
І вось пекла - Другая Сусьветная.
Былі акупанты, былі партызаны,
Краіну ізноў на шматкі разгрызалі...
Ізноў беларусы з абодвух бакоў...
Ліецца кроў родных братоў.
Канец вайне! Здавай аўтамат!
І вось ужо ў небе ляціць касманаўт.
Машэраў, прамову сваю гавары!
Сьпявайце пра Яся грамчэй, "Песьняры"!
Барыс Кіт, рабі вынаходкі ў НАСА,
А мы застанемся з краінай сам-насам.
Рэспубліка Беларусь - яе назва цяпер.
Прыняты сьцяг, зацьверджаны герб.
Сьпяваюцца песьні, чытаюцца вершы...
Год 1991-ы...
На гэтым шматкроп'е. У рукі вам сьцяг
Хай кожны напіша ўласны працяг...
Рэфрэн:
Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ...
Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, шалёны народ...
Словы і музыка Лявона Вольскага, ідэя- Юля Ляшкевіч, кампанія "Будзьма", анімацыя Юлія Рудзіцкая, чытае Аляксандар Памідораў.


Profile

bf_109e: (Default)
bf_109e

August 2020

S M T W T F S
      1
23 4 5678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     

Most Popular Tags

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 29th, 2026 11:42 am
Powered by Dreamwidth Studios